У ДУА “Дзіцячы сад №67 г. Бабруйска” прайшоў семінар “Далучэнне дзяцей дашкольнага ўзросту да беларускай мовы”, каб павысіць кампетэнтнасць выхавальнікаў у выкарыстанні беларускай мовы як асноўнага сродку камунікацыі і развіцця дзяцей дашкольнага ўзросту.
Далучэнне да мовы павінна быць прыемным, натуральным і карысным для дзяцей. Мова – гэта не прадмет для вывучэння, а атмасфера для жыцця.

Восем крокаў насустрач беларускай мове ці як бацькі могуць дапамагчы свайму дзіцяці ў вывучэнні мовы
1. Глядзім па-беларуску
Можна пачаць з самай простай, з «Калыханкі», ранішніх праграм для малых на «Беларусь-3». А таксама перакладных мульцікаў на беларускай мове, напрыклад: «Шрэк», «Свінка Пэпа». Не варта забываць і пра сцэну. Напрыклад, пра такія пастаноўкі ў тэатры юнага гледача: "Доктар Айбаліт", "Воўк і сямёра казлянят" "Тэдзі", "Мая маленькая чарадзейка", "Пінокіё", "Дзюймовачка«.
2. Спяваем па-беларуску
Можна разам з рускамоўнымі развучваць і беларускія песенкі. Напрыклад, ужо звыклыя нам "Jingle Bells" можна праспяваць і па-беларуску "Звон звініць", "Маленькай ялінцы холадна зімой" у зав. В.Жуковіча; песні з любімых мульцікаў, напрыклад, песня з м/ф «Лятучы галандзец» – «Не шанцуе нам, прынцэсам, не шанцуе!».
3. Малюем па-беларуску
Можна выкарыстоўваць чатырохрадкоўі і гульні пры маляванні. Напрыклад, «Кропка, кропка, побач – коска. Атрымаўся тварык просты. Ручкі, ножкі, агурочак - чалавек па свеце крочыць». Гэтак жа малюнкам дзіцяці можна даваць беларускія назвы: «Кветка», «Вясёлка», «Мама, тата, я» і абмяркоўваць намаляванае на беларускай мове.
4. Гуляем па-беларуску
Няхай гэта будзе сямейная гульня ці мова мамы і дачкі, ці пераклад слоў ва ўжо знаёмых усім гульнях. Напрыклад, «Раз, два, тры, чатыры, пяць. Я іду цябе шукаць». Навучыцца чыста па-беларуску чысціць зубы: «У мяне зубная шчотка, ёю зубы чышчу чотка! Хто не чысціць зубы шчоткай, вырасце бяззубай цёткай!». Падобнае можна знайсці ў кнізе А. Хадановіча “Нататкі таткі”
Прыглядаемся па-беларуску
Назвы вуліц, шыльды магазінаў, рэклама на білбордах, гандлёвыя маркі і нават надпісы на майках.
6.Чытаем па-беларуску
Можна пазнаёміцца з Віні-Пухам і Пэпі – “Віня-пых і ўсё-ўсё-ўсё”, “Піпі Доўгаяпанчоха”, а таксама мумі-тролямі і хобітамі.
7. Запамінаем па-беларуску
Дзіцячы розум гнуткі і ўспрымальны. Запамінаць можна і па-руску, і па-ангельску, і па-беларуску адразу ў адным вершыку. Напрыклад, як гэта зрабіла А.Церашкова ў кнізе «Англійская мова. Словы за словам. Вершы».
8. Размаўляем па-беларуску
Можна абмяркоўваць як прайшоў дзень у дзіцячым садку, наколькі была цікавай новая кніга ці мультфільм, куды хадзілі на выходных. Таксама можна завучваць асобныя беларускія словы. Напрыклад, з дапамогай картак, на якіх з аднаго боку пішацца беларускае слова, а на другім баку клеіцца малюнак.